МІ́НСКАЙ ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЙ АБСЕРВАТО́РЫІ БУДЫ́НАК.

Пабудаваны ў 1934 (арх. І.Валадзько) на праспекце Ф.Скарыны ў Мінску. Мае рысы стылю канструктывізму. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак на высокім цокальным паверсе, арыентаваны фасадамі па баках свету. У кампазіцыі вылучаны аб’ёмы 2 лесвічных клетак (выступаюць у плане і ўзвышаюцца над дахам), верхнія пляцоўкі выкарыстоўваюцца для правядзення натурных гідраметэаралагічных вымярэнняў і маюць спец. абсталяванне. Фасады вырашаны ў строгіх лаканічных формах. Паўд. фасад мае балконы на ўсю даўжыню будынка на ўзроўні 2-га і 3-га паверхаў. Іл. гл. да арт. Канструктывізм.

В.Б.Ангелаў.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)